Памятаю, яшчэ калі вучылася ў школе, мне неяк не па-дзіцячы хацелася смутку, таямнічага, незвычайнага лёсу. Прайшлі гады - я спазнала смутак і зразумела, што навучыцца смутку нельга, як нельга навучыцца і радасці. На ўсё свой час. Яшчэ я ведаю цяпер, што з гадамі душа цішэе, лагаднее, супакойваецца, але не засынае: яна, як і раней, шукае радасці, толькі ведае ўжо, што хоча іменна яе. Вось чаму я думаю, што пасталелы чалавек большы рамантык, чым ён быў у раннім юнацтве. І калі я зразумела гэта, я сустрэла цябе. Раней бы мы не сустрэліся, бо не зразумелі б адно аднаго.
Памятаеш нашу першую сустрэчу?
Тою раніцай я заходзіла да сваіх знаёмых па апельсіны: яны недзе дастаюць іх, сказалі, што могуць дастаць і мне. А я падумала, што добра будзе занесці іх Лёльцы, сестрыной дачушцы: ты ведаеш, малой не вельмі соладка жывецца. Сястра даўно не ладзіць з мужам, усё не можа дараваць яму нейкія мужчынскія грахі - яны часта сварацца, а малое бегае ад бацькі да маці, не ведаючы, да каго хінуцца. А дзяўчынцы пяць год, і яна такая слаўная.
Той раніцай, памятаю, ішла я паўз кінатэатр. Памятаю, як пад ягоным дахам, недзе там, за шэрымі калонамі, заўзята чырыкалі вераб'і, унізе, ля ўвахода, прыбіральшчыца шчыравала з дзеркачом, а на сцяне, над ёю, ружова білася, то святлеючы, то робячыся гусцей, трапяткая сонечная плямка. І ўедліва-церпка пахла пылам. Я люблю, калі пахне пылам, а ў тую вясновую раніцу вуліца пахла яшчэ і свежымі булкамі, і духмянай кавай, і цвярозлівым халадком маладой зялёнай лістоты. Я паціху ішла сабе тратуарам і ўглядалася ў абліччы нячастых прахожых. Ты ведаеш, ты, можа, прыкмячаў гэта сцішанае, смужліва-мройнае ззянне, што бывае вясной на тварах у людзей, на тварах, ледзь кранутых першым загарам? Такое яшчэ можна заўважыць, зазірнуўшы чалавеку ў твар, калі на вуліцы ціхі і цёплы дождж. А ты заўважаў, што ў дождж хораша і лёгка думаецца, а на душы бывае так светла і ясна?
У тую раніцу ты быў такі спакойны, стомлена-ціхі нейкі, усмешлівы і лагодны. І ты так смешна і па-дзіцячы лёгка тады гаварыў. Памятаеш, калі я рассыпала на рагу вуліцы апельсіны і ты немаведама адкуль нахапіўся іх падбіраць?
Усё нібы ў тую раніцу спрыяла таму, каб мы сустрэліся з табою.
А якая была тады вясна! Дзе толькі не былі мы з табою тою вясной! У дождж да позняй ночы праседжвалі мы ў скверах, накрыўшыся тваім пінжаком, і, памятаеш, колькі разоў пачыналі думаць пра тое, каб некуды з'ехаць, далёка-далёка, у таямнічыя нікому не даступныя мясціны. Што за жаданні былі ў нас, няўжо каханню трэба, каб былі толькі яно і цэлы свет? Мы куплялі на вакзале білеты ўсё роўна на які цягнік - і колькі незнаёмых вёсак, рэчак, лясоў і палян неспадзявана адкрылі мы так для сябе. А кінатэатры на ўскраінах горада - старыя, са скрыпучымі лаўкамі, з вышараванай нагамі, выбітай да ямак падлогай? А сеансы, на якіх ад суседа па лаўцы часам нясцерпна пахла гарэлкай, у час якіх ірвалася лента і рабілася цёмна, хоць выкалі вока, і тады ў зале ўсчыналіся свіст, крык, не вельмі далікатныя жарты. Ніхто не ведаў там нічога пра нас, і гэта было прыемна, як, мусіць, прыемна было якому-небудзь прынцу са старога рамана, пераапранутаму жабраком.
А потым у нас пачаліся нелады. Ты як бы помсціў за нешта мне, як бы знарок стараўся абразіць мяне - які ты быў жорсткі і ў той жа час нейкі разгублены ў сваёй халоднай зласлівасці. Мне было з табою так цяжка. Навошта ты рабіў гэтак?
Толькі пазней я здагадалася, што ты раўнаваў мяне, што ты баяўся мяне страціць. І тады, зразумеўшы, я даравала табе ўсё.
Гэта было ўжо летам, пасля таго як я паехала з нашага горада, сказаўшы, што мы надакучылі адно аднаму, што нам трэба адпачыць, пабыць на адзіноце, разабрацца ў сваіх пачуццях.
Я паехала тады да цёткі, у ціхі і зялёны гарадок - былы абласны цэнтр. Мне якраз і трэба было гэта - цішыня, вузкія вуліцы, гаршкі з кветкамі, падвешаныя да ліхтарных слупоў, санлівыя жанчыны ў кіёсках з газетамі. Усё проста, зразумела і трошкі сумна. І ніхто не здзівіўся б, каб аднойчы на вуліцы паявіліся хоць бы козы.
У тым горадзе ёсць рака, а ў яе за горадам, ля невялікай вёскі, упадае, выліваючыся ў тры ручвы, неглыбокая халодная рэчка. Над правым ручвом - пясчаны бераг, парослы лазой, за ім - гара з шатрыстымі цёмнымі соснамі.
Кожны дзень я хадзіла на тую рэчку купацца.
Ляжыш на беразе - трымціць, снуецца ў шырокіх ручвах вада, бялеюць на рачных астраўках валуны, сіняя тамлівая смуга вісіць над вадою там, дзе робіць паварот рака, дзе пад гарой насыпанага самазваламі пяску ракоча пад'ёмнік, грузячы баржы. Хлапчукі з берага ловяць вудамі рыбу. У полудзень заходзяць у рэчку каровы, стаяць у вадзе, махаючы хвастамі, - плыве, пялёхкае рака, і паволі плыве час, цягучы, як звон конікаў у вушах.
Answers & Comments
Часта я пытаюся ў сябе: як мы сустрэліся і чаму?